Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Тэкст аглядавай экскурсіі

Аглядавая экскурсія па музеі "Спадчына"

 

Дарагія вучні і настаўнікі!

Вы знаходзіцеся ў этнаграфічным кабінеце-музеі "Спадчына". Адкрыццё яго адбылося 2 снежня 1998 года.

У музеі размешчана 7 экспазіцый.

Першая стэндавая - "Жыццё і быт сялян, пачынаючы са старажытнасці і да пачатку ХХ ст." (паказваецца). На стэндзе схематычна паказаны першыя старажытныя стаянкі людзей на тэрыторыі Беларусі, змены ва ўмовах жыцця і занятках людзей пасля ледніковага перыяду, заняткі людзей жалезнага і каменнага вякоў. Нашы продкі ў гэты час выраблялі і карысталіся каменнымі свідраванымі баявымі сякерамі, глінянымі пасудзінамі, каменнымі зернедрабілкамі.

Археолагі знайшлі самае ранняе паселішча жалезнага веку ў басейне Беразіны - гарадзішча Пятровічы. Нашы вучні разам з аддзелам археалогіі АН Беларусі вялі раскопкі. Паселішча ўскрыта плошчай 1200 кв.м. Калекцыя знаходак складае каля 41000 адзінак. 14 абломкаў пасуды перададзена нам у музей і размешчана вось на гэтай вітрыне (паказваецца). Прадметы з гліны прадстаўляюць ляпныя і вытачаныя прасліцы, мініяцюрныя пасудзіны; металічныя вырабы прадстаўлены скроневым кольцам, трапецападобнай падвескай, фібуламі, булаўкамі, сярпом, шыльцам і г.д.

Вось такі абярэг "конік" і скроневае кольца было ў радзімічаў (паказваецца). Нашы продкі былі людзьмі набожнымі. Гэтае язычніцкае свяцілішча было каля вёскі Хадасевічы Рагачоўскага раёна.

На апошнім стэндзе прадстаўлены ўзоры нацыянальнага адзення Магілёўшчыны ХІХ - пачатку ХХ ст.: безрукаўнае і плячавое адзенне жанчын, андаракі, камплекты народных касцюмаў, нагавіцы, кажух в. Плёсы Бабруйскага раёна.

Гэтая экспазіцыя прадстаўляе макет сялянскай печы і рэчы, якімі гаспадыня ўвіхалася каля яе. Перад вамі розныя чыгуны, гліняны гаршчок, форма для выпечкі хлеба, глякі для прыгатавання ежы. А гэтыя прыстасаванні дапамагалі гаспадыні: ухват, чапяла, качарга і лапата, якой садзілі хлеб у печ для выпечкі.

Наступная экспазіцыя "Матчын ручнік". Калекцыя прадстаўлена 26-ю ручнікамі. Яны сабраны ў асноўным у вёсках суседніх раёнаў Магілёўшчыны: Жлобінскім, Асіповіцкім і Кіраўскім. Па сваім прызначэнні яны розныя: уціральнікі - самыя распаўсюджаныя - для бытавых і гігіенічных патрэб, радзінныя, святочныя, надзежнікі, набожнікі, трапкачы і інш (дэманструюцца).

Аздабляюцца махрамі, прошвай, карункамі. Узоры на ручніках носяць розны характар: ромбікі, таксама ёсць у елачку, у клетку. Вышываюцца хрэсцікам і гладдзю. Узоры наносяцца геаметрычныя, раслінныя і жывёльныя. Ёсць сюжэтныя ручнікі, як гэты, выкананы ў 1936 годзе, "Дзям'янава юшка".

На стэндзе прадстаўлены і ручнікі перасяленцаў: з Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, гуцульскі, старавераўскі, з Арлоўскай вобласці (дэманструюцца).

А ўнізе на вітрыне размешчаны прадметы, без якіх не маглі абысціся ні ў адным двары: цапы для жывёлы, розныя скобы, калодкі для вырабу абутку, сталярныя рэчы гаспадара: гэблікі, нажоўкі, малаткі, цеслі і інш.

Самае пачэснае месца ў хаце - гэта покуць. Яна размяшчаецца ў левым вугле паміж двума вокнамі. На яе вешалі абраз, вось як гэты, пакрыты набожнікам. Тут знаходзілася бажніца з ручнікамі. На покуці стаяў стол, накрыты белым абрусам. Абавязковы атрыбут - гэта кавалак хлеба, завернуты ў ручнік, як сімвал сямейнага дабрабыту. У час вяселля, пасля вянчання, маладыя садзіліся на покуць. Гадавыя святы не астаўляліся без увагі. На Каляды туды ставілі куццю і клалі сена, абедаць садзіліся за стол па старшынстве.

Вось так прыкладна выглядала ва ўбранні звычайная сялянская хата, дзе звычаі яе захаваліся і зараз у вёсцы Коўрын Бабруйскага раёна і вёсцы Ісакава Буда Чавускага раёна. Каля сцяны абавязкова ложак або палаці, на якіх спалі. Пакрывалі іх даматканай посцілкай і клалі пышныя падушкі. Падузорнікі, навалачкі і фіранкі былі вышытыя і аздобленыя карункамі. Сцены ўпрыгожваліся рознымі вышыванкамі, сурвэткамі, рамачкамі з фотаздымкамі і ігольніцамі. З вышыванак на нас глядзяць партрэты, лясныя жывёлы, букеты кветак, як гэтыя ў нашым музеі.

Часам блізка ад ложка да столі прымацоўвалі дзіцячую калыску з матузком, каб ноччу маці было зручней калыхать немаўляці. Ад пападання прамых праменняў сонца калыску пакрывалі ручніком. Бывала, што калыска падвешвалася і каля печы: там самае цёплае месца ў хаце.

Абавязкова прысутнічалі ў хаце і ткацкія рэчы, бо па начах і асабліва доўгімі зімнімі вечарамі гаспадыні пралі, сучылі ніткі, ткалі, вязалі карункі. Лён спачатку мялі на льномялцы, затым трапалі, часалі на льночасалках. Атрымліваўся вось такі кужаль. З кужалю на прасніцы пралі на верацяно ніткі, калаўрот дапамагаў іх ссучыць і наматаць на матавілы рознай, як у нас, формы. З матавілаў яны адпраўляліся на ціўку, што ўстаўлялася ў чаўнанкі, і затым - на такацкі станок. З гэтых нітак атрымліваліся вось такія палотны. З палоцен рабілі ручнікі, якія вы бачылі раней, посцілкі. Палотны маглі аставацца грубымі, а маглі быць і аздоблены. Адбельвалі палотны вясной на лугах, выбівалі гразь пранікамі. З адбеленай тканіны шылі адзенне.

Перад вамі ўзоры мужчынскага і жаночага адзення. Жаночы строй прадстаўлены вышыванай кофтай, андараком. Паверх андарака павязвалі фартух. На галаву павязвалі наміткі, хусткі, надзявалі чапцы. На ногі абувалі плеценыя лапці. Мужчынскае адзенне складаецца з 2-ух элементаў: сарочкі і нагавіц. У музеі ёсць і другія сарочкі і элементы нацыянальных касцюмаў Бабруйшчыны.

У такія саламяныя вырабы ссыпалі зерне, муку, крупы. А капелюшы з саломы ўпрыгожвалі мужскія галовы. Павучкі ўпрыгожвалі хату.

Асобнае месца ў дамашнім абыходзе займаюць бандарныя рэчы, зробленыя з дрэва. У карытах-далбанках рэзалі мяса, у большых - абмывалі немаўляці. Ступы і жорны таксама прызначаліся для гаспадарчых патрэб. У бойцы білі сметанковае масла, ухват служыў для назапашвання вады, у цэбры трымалі ежу для гавяды, драўлянае вядро чаплялі на вочап да калоджежа, у дзяжы замешвалі цеста, у кубліку салілі сала і мяса, а ў бочках захоўваліся квашаныя капуста і агуркі.

Ёсць цікавыя рэчы ў музеі, зробленыя з кары і без адзінага цвіка - гэта набірак для ягад, сеўка-лубка і рэшата.

Лямпы асвяшчалі хату. Адны з іх падвешваліся да столі, а другія, настольныя, ставіліся на стол, былі перанасныя. Асобнае месца ў музеі займае чыгуначны ліхтар.

Хацелася звярнуць вашу ўвагу на прасы. Яны насілі розны характар. Спачатку былі жалезныя, апускаліся ў гарачую ваду, награваліся, і імі прасавалі бялізну. Затым з'явіліся на вуглях. Самым універсальным прыстасаваннем для качання льняных вырабаў былі качалы.

Вось так выглядала сялянская хата раней і рэчы дамашняга абыходу.

Разделы сайта